БАРЫ́САЎСКАЯ ГРАДА́,

частка Беларускай грады ў Барысаўскім і Смалявіцкім р-нах Мінскай вобласці. Працягнулася ад Мінскага ўзв. на ПнУ на 100 км, шырыня 10—25 км. Мяжуе з Верхнебярэзінскай нізінай на ПнЗ і Цэнтральнабярэзінскай раўнінай на ПдУ. Лічыцца вуглавым масівам Ашмянскага стадыялу. Пл. каля 2 тыс. км², адзнакі вышыняў паверхні над узр. м. вагаюцца ад 150 м у даліне Бярэзіны да 220 м каля г. Смалявічы.

Прымеркавана да зоны сучлянення Аршанскай монакліналі з Вілейскім пахаваным выступам. Антрапагенавая тоўшча магутнасцю 100 м і больш. Паверхня складзена з пясчана-галечнага матэрыялу, марэнных суглінкаў і супескаў, месцамі з покрывам лёсападобных парод. Карысныя выкапні: легкаплаўкія гліны, торф.

Участкі з градава-ўзгоркавым рэльефам (каля г. Смалявічы, в. Халопенічы і г. Барысаў выш. 193—220 м) чаргуюцца з раўніннымі. З найб. павышанымі часткамі грады звязаны масівы марэннага сярэдняўзгоркавага рэльефу з адноснай выш. 10—20 м. Сярэдняя т-ра студз. -6,9 °C, ліп. 18,2 °C, ападкаў 450—780 мм за год (у Барысаве). Рэкі (бас. Дняпра): Бярэзіна з прытокамі Гайна, Бродня, Сха, Бобр з Начай. Глебы дзярнова-падзолістыя слаба ападзоленыя на водна-ледавіковых пясках і марэнных супесках, якія падсцілаюцца пяскамі, забалочаныя і тарфяна-балотныя. Да 40% тэр. пад лясамі хваёвымі, ялова-хваёвымі, бярозавымі і шэраальховымі. Поймавыя і нізінныя лугі.

В.Р.Сінякова.

т. 2, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)